You are viewing [info]ivansaj's journal

Іван Сай - Разбуральнікі вобразаў [entries|archive|friends|userinfo]
Іван Сай

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Разбуральнікі вобразаў [Dec. 2nd, 2009|08:33 pm]
Previous Entry Add to Memories Share Next Entry
Яшчэ ў савецкіх літаратурных выданьнях мяне ўражвала, што ў разьдзеле «Пра аўтараў» абавязкова раскрываецца псэўданім празаіка ці паэта. Вера Вярба ператваралася ў Гертруду Пятроўну Сакалову... Узьнікала аддаленае пачуцьцё непрыстойнасьці й сораму, быццам зь Веры Вярбы на вачах усяго сьвету сьцягнулі спадніцу.

У пэўным сэнсе яно так і было. Бо рэдактары-выдаўцы разбурылі вобраз паэткі – істоты эфэмэрнай і тым каштоўнай. Ну ўявіце сабе, што дзесьці на вэрнісажы вы схапілі абаяльную ўдзельніцу бяседы, змылі зь яе макіяж, сарвалі сукенку зь біжутэрыяй і выставілі з таблічкай на шыі – як для арыштанцкага здымку: такая й такая, пашпарт нумар, пол жаночы, памер ступні...

Магчыма, прычына такіх адносінаў рэдактараў у іх прыземленым практыцызме, у няздатнасьці паверыць у каштоўнасьць магіі слова, а ў выніку – у адсутнасьці прафэсіяналізму. Паэзія – гэта цуд. Ніхто ня ведае, адкуль ён бярэцца і мы можам толькі захапляцца ім. Тады нашы адносіны да твора (псэўданім, між іншым, такі самы твор і такі самы цуд) будуць надзвычай асьцярожнымі. Не парушыць гармоніі, асабліва калі ты нічога ў гэтым не разумееш.

Як жа! Што вам тут за каштоўнасьць! Не памацаеш, не ўкусьнеш, не прадасі... І з той самай лёгкасьцю, зь якой Анатоль Сыс называецца сёньня «вялікім паэтам», зь ягонай спадчынай робіцца чыстае бясчынства. Цуды-вершы перастаўляюцца ў бязладным парадку, прэпаруюцца з дапамогай адкруткі, гэткім чынам рэдактары «паляпшаюць» творы паэта, «дацягваюць» яго да «вялікага».

Па-сутнасьці, гаворка ня толькі пра мастацкую літаратуру, а і пра журналістыку, ды пра ўсё наша грамадзкае жыцьцё, дзе пануюць прыземленыя практыкі. Не магу забыцца на «Нашу Ніву», якая ўзяла ў мяне інтэрвію. Здарылася мне 50 гадоў, юбілей. Пытаньні былі дурацкія (не да мяне, а, як водзіцца, пераважна пра Лукашэнку), таму адказы былі іранічныя. Але рэдактар іронію скараціў і выставіў гутарку са мной пад загалоўкам «Лукашэнка ўвасабляе краіну і народ». Словам, зрабіў зь мяне Гертруду Пятроўну Сакалову. Мне мала таго што няёмка сябе адчуваць у майтках на публіцы, дык яшчэ й гнілыя памідоры камэнтатараў даводзіцца атрасаць. Заслужаныя, трэба сказаць, памідоры.

Рэдактар – гэта прафэсія. Ён спрычыняецца да стварэньня вобразу (калі ўмее), а не да яго разбурэньня. І ў гэтай справе рэдактар мусіць быць надзвычай абачлівы ды адчувальны – каб не напсаваць. Тое самае, між іншым, тычыцца і палітыка, і бізнэсоўца, і пекара з аптэкарам. Прафэсіянал стварае вобразы.

Анатолю Сысу на ягоныя 50-я ўгодкі і пашанцавала, і не пашанцавала. Пашанцавала, бо выйшла шмат публікацыяў і было многа грамадзкае ўвагі, не пашанцавала, бо назвалі «вялікім», «найвыдатнейшым», «геніем» і г.д., а пры тым узнагародзілі датуль невядомым ягоным вершам, якога ён не пісаў. Быццам, веліч і геніяльнасьць Сыса пацьвердзілі чужым творам, прычым творам, які ягоны сапраўдны аўтар забракаваў дваццаць гадоў назад.

Спачатку гэты верш выйшаў у часопісе «Дзеяслоў» -- у нізцы невядомых твораў паэта. Потым факсіміле гэтага напісанага ад рукі (яўна жаночым почыркам) верша зьявілася на вокладцы кніжкі «Ягамосьць» з партрэтам Сыса замест подпісу. Нарэшце, у кніжцы без усякага парадку «выбранага» Анатоля Сыса «Алаіза» гэты твор патрапіў у “зэ бэст”.

Укладальнік усё гэта дзела пракамэнтаваў наступным чынам: “Нават у няўдалых на погляд аўтара вершах, такіх як “Апошні з ненароджаных сыноў”, ёсьць строфы, якія ўражваюць дасканаласьцю формы і глыбінёй зьместу”.

Дык калі нешта ўражвае, трэба ўражвацца! Навошта ж цацкі ламаць?

Ніхто не застрахаваны ад памылкі. Больш за тое, падобныя выпадкі становяцца іншы раз забаўнымі містыфікацыямі, якія ўзбагачаюць і літаратуру і ўсю культуру. Далібог, мы б толькі парадаваліся і за Сыса і за ягоных перавыдаўцоў, калі б не...

Калі б яны не палезьлі ў памянёны верш “геніяльнага паэта” (а насамрэч адбракаваны верш іншага паэта) з адкруткай, каб “палепшыць” гэты твор, а ў выніку, як гэта заўжды бывае, каб канчаткова яго сапсаваць.

Скажу адразу, верш напісаны традыцыйна і без “заваротаў”. І вось вам страфа:

Я не распусту слаўлю –
слаўлю цноту,
але наўжды Жанчыны стан у поўні,
бясьсільнай і магутнаю з-за дроту
зямлю сваю забраную запомню.

Калі паэзія – гэта каша з прыгожых словаў, то няхай. Але пры чым тут Сыс, які такой кашай ніколі не пісаў. І пры чым рэальны аўтар, у якога ўсё інакш, так, як у рукапісным факсіміле на зборніку “Ягамосьць”:

Я не распусту слаўлю –
слаўлю цноту,
але наўжды Жанчынай -- стан у поўні,
бясьсільнай і магутнаю з-за дроту
зямлю сваю забраную запомню.

Для мяне загадка – што трэба сабе думаць, каб рэдагаваць вершы паэта, няхай не вялікага ды геніяльнага, якога няма сярод жывых? Хіба што сапраўды – не лічыць паэзію нічым вартым, не вычуваць яе дзіва, а яе творцаў успрымаць як бажаволкаў ці пустадомкаў. Тады й напраўду нічога не каштуе называць іх найвыдатнейшымі й геніямі.

Але калі так, дык такім самым пустаслоўем будзеш трактаваць і Радзіму, і самое жыцьцё – нічога ня вартыя абстракцыі, за якімі рэальную каштоўнасьць маюць хіба што медзякі ды крывавая юха.
LinkReply

Comments:
[User Picture]From: [info]ecologys
2009-12-02 07:24 pm (UTC)

(Link)

Дочитал до конца, получил интеллектуальное наслаждение. Хорошая настоящая критика.
Сыс для меня не то что бы гениален, но нечто очень близкое к этому. К редактированию поэзии всегда относился с недоверием. Про журналистов вообще молчу, у них своеобразные особенности работы.
[User Picture]From: [info]ivansaj
2009-12-02 08:58 pm (UTC)

(Link)

Гэта пра журналістаў-халтурнікаў:) Што да Сыса, дык ён ня мой паэт. Але шкада, што сябры не адзначылі ягоны юбілей "інтэлектуальнай асалодай". Была магчымасьць хаця б не напсаваць... Дзякуй за разуменьне.
From: (Anonymous)
2009-12-04 11:23 am (UTC)

(Link)

Спадар, а ці не зьмяшаў ты ў адну кучу людзей і коней. Калі было жаданьне разабрацца з нялюбымі рэдактарамі "Нашай нівы", то варта было б знайсьці дзеля гэтага іншую падставу.
Прычым тут рэдакцыя "Дзеяслова" да прыкрай памылкі публікатара лістоў і вершаў Анатоля Сыса, які пераканаўча патлумачыў што гэты верш, выкінуты Анатолем, уласнаручна падабраў і захаваў... Памятаецца, у Вашай практыцы рэдактарства ў "НН" былі таксам выпадкі, калі ў газеце друкаваліся вершы Броўкі ды Глебкі, дасланыя нібыта аўтарамі з правінцыі.
Няўжо Вы маглі падумаць, што нехта наўмысна стане правіць верш паэта, якога няма з намі. Відаць, не расчыталіся кавалачкі пашкуматанага рукапісу.
Выплюхваць лайно ў нэт - справа простая, складаней знайсьці карані.